Самы просты і базавы спосаб працы з медыя – гэта рассылка прэс-рэлізаў. Калі ў рамках кампаніі адбываецца падзея, якую вы лічыце важным асвятліць у СМІ, напішыце пра гэта кароткае і зразумелае паведамленне і адпраўце яго журналістам, якія вас цікавяць.
Важна, каб інфармацыя з прэс-рэлізу была цікавай і журналістам, і іх чытачам, а не толькі камандзе кампаніі – а яшчэ каб яна была аформленая лаканічна і вельмі ясна. Аптымальны памер прэс-рэлізу – 300–500 словаў: ён павінен змяшчацца на адну старонку.
Структуру добрага прэс-рэлізу называюць “перакуленай пірамідай”: ключавая інфармацыя павінна змяшчацца ў самым пачатку – гэта загаловак, першы абзац з адказам на пытанні “хто”, “што”, “калі” і “дзе”, пасля падрабязнасці навіны і/або цытаты, якія адказваюць на пытанне “нашто”, а ў самым канцы – даведка, карысныя спасылкі і кантакты тых, з кім журналіст мог бы звязацца ў выпадку неабходнасці ўдакладніць дэталі. Важна, каб асобы, кантакты якіх пададзеныя ў прэс-рэлізе, былі даступнымі: заўсёды падымалі слухаўку і хутка адказвалі на паведамленні.