Як вы будзеце працаваць з медыя

Практычна для любой грамадзянскай кампаніі важная праца з медыя: большасць грамадскіх праблемаў немагчыма вырашыць без змены меркавання мэтавай аўдыторыі або нават шырокай грамадскасці, да якой можна “дагрукацца” менавіта праз медыя. Мы прапануем вам падумаць над тым, як вы будзеце камунікаваць з мэтавымі групамі – і пазней дадаць вынікі сваіх роздумаў да плану кампаніі.

Мы выкарыстоўваем тэрмін “медыя”, таму што лічым, што час манаполіі СМІ ў гэтай сферы скончыўся. Перавага сённяшняга дня для правядзення грамадзянскіх кампаній палягае ў тым, што кожны з нас сам можа стаць медыя: гаварыць з рознымі мэтавымі аўдыторыямі можна не толькі праз газеты або онлайн-платформы, але і праз блогі лідэраў думкі або ўласныя сайты.

У ідэале для таго, каб медыйны бок кампаніі быў якасным і эфектыўным, у камандзе павінен быць дасведчаны чалавек, які ўяўляе сабе, як працуюць медыя ў вашай краіне, і ўмее з імі супрацоўнічаць. Аднак калі такога чалавека няма, не варта адчайвацца: мы прапануем вам некалькі канкрэтных інструментаў.

Мы раім вам выбраць адну з папулярных у вашым рэгіёне онлайн-пляцовак і стварыць старонку сваёй кампаніі: гэта можа быць Facebook або «Вконтакте», Instagram ці любая платформа накшталт blogger.com ці tilda.cc, якая дазваляе бясплатна або за невялікія грошы стварыць просты сайт. Гэтая пляцоўка пазней стане вашым афіцыйным медыя, праз яе вы зможаце наўпрост размаўляць са сваімі мэтавымі аўдыторыямі (і журналістамі ў тым ліку), апавядаць пра важныя падзеі кампаніі і яе ключавыя дасягненні.


Вельмі важна, каб на такой пляцоўцы быў выразна сфармуляваны месідж кампаніі: наведвальнікі старонкі павінны добра разумець, якая мэта кампаніі і што вы робіце для яе дасягнення, таму не забывайцеся рэгулярна абнаўляцца. На жаль, сёння мы жывем у свеце, дзе таго, што немагчыма нагугліць, не існуе – і гэта неабходна ўлічваць.

Пры гэтым важна ўсведамляць, што калі ў вас ці вашай арганізацыі няма вялікага досведу грамадскай дзейнасці або іншым шляхам дасягнутага прыстойнага ўзроўню пазнавальнасці, уласны сайт не забяспечыць камунікацыю з усімі мэтавымі аўдыторыямі, якія вас цікавяць – вам давядзецца шукаць і іншыя медыя, якія дапамогуць у рэалізацыі вашай кампаніі.