Грамадзянская кампанія – гэта загадзя запланаваныя і абмежаваныя ў часе мэтанакіраваныя актыўныя дзеянні, накіраваныя на дасягненне пастаўленай мэты, якая павінна вырашыць канкрэтную праблему.
Грамадзянская кампанія – не адзіны інструмент грамадскай дзейнасці, і як ува ўсіх інструментаў, у кампаній ёсць свае плюсы і мінусы.
У чым плюсы кампаніі?
Гэта эфектыўны спосаб дасягнення мэты, магчымасць атрымаць падтрымку іншых людзей і арганізацый, прыцягненне новых саюзнікаў і выдатная нагода выказаць свой пункт гледжання ў СМІ. Праводзячы кампаніі, вы атрымліваеце магчымасць стаць партнёрам, якога паважаюць і на якога абапіраюцца асобы, упаўнаважаныя прымаць рашэнні, – і спіс перавагаў кампаніі, вядома, гэтым не абмяжоўваецца.
У чым мінусы кампаніі?
Па-першае, вы можаце выклікаць канфлікт – і мусіце ўлічываць, што падчас правядзення кампаніі будуць актывізавацца вашыя супернікі. Вы павінны разумець, што пакуль вы спрабуеце змяніць статус кво ці чагосьці не дапусціць, існуюць і тыя, каго задавальняе цяперашняя сітуацыя: для кагосьці яна можа быць выгаднай, а камусьці вы перашкодзіце ў рэалізацыі ўласных планаў.
Па-другое, неабходна памятаць і пра тое, што само слова “кампанія” можа выклікаць у кагосьці неразуменне або негатыўныя рэакцыі: не ўсе людзі, напрыклад, станоўча ўспрымаюць палітычныя, перадвыбарныя або рэкламныя кампаніі. Разважце, ці варта публічна называць свае дзеянні кампаніяй або лепш абраць іншае слова – напрыклад, “ініцыятыва” – што многімі ўспрымаецца лепш.
Ці з’яўляецца грамадзянская кампанія менавіта тым інструментам, які вам патрэбны?
Рэалізаваная грамадзянская кампанія – гэта цудоўна, аднак важна ўлічваць: кампанія ні ў якім разе не павінна рабіцца важнейшай за саму вашую ініцыятыву. На рэалізацыю нават самай простай грамадзянскай кампаніі давядзецца патраціць шмат часу і сілаў, таму важна, каб кампанія была карыснай не толькі для грамадства, але і для вашай арганізацыі і канкрэтных людзей у ёй.
Перш за ўсё, унутры вашай арганізацыі або ініцыятывы варта абмеркаваць наступныя ключавыя пытанні:
Чаму вы лічыце, што кампанія – самы эфектыўны інструмент для вашай тэмы?
Якія рэсурсы ёсць у вашай арганізацыі – чалавечыя, экспертныя, фінансавыя? Кампанія – гэта заўжды пытанне не аднаго месяца, таму вельмі важна ўсведамляць свае сілы.
Як правядзенне кампаніі адаб’ецца на развіцці вашай арганізацыі?