Адкажыце сабе на пытанне: на каго накіраваная ваша кампанія? “Шырокая грамадскасць” ніколі не бывае мэтавай групай – ніхто не можа толькі ўласнымі намаганнямі ўздзейнічаць на шырокую грамадскасць.
Мэтавай групай заўсёды робіцца яе пэўны сегмент: маладыя сем’і, студэнты, пенсіянеры і г. д. – альбо канкрэтныя людзі і арганізацыі. Мэтавыя групы – гэта ўсе тыя, хто можа паўплываць на сітуацыю або можа паўплываць на таго, хто можа паўплываць на сітуацыю.
Важна памятаць, што абраныя мэтавыя групы будуць мець ключавы ўплыў на тон камунікацыі ў СМІ: з пенсіянерамі, са студэнтамі або з маладымі сем’ямі неабходна размаўляць па-рознаму.
У залежнасці ад таго, хто стане вашай асноўнай мэтавай аўдыторыяй, будзе вызначацца і спосаб і стратэгія вашай кампаніі (напрыклад, калі вашай асноўнай мэтавай групай з’яўляюцца пенсіянеры, сацсеткі, хутчэй за ўсё, не будуць самым прыдатным інструментам).