Вашы супраціўнікі

Для поспеху кампаніі неабходна правільна выбраць “мішэнь”, на якую будуць накіраваныя намаганні. Калі вашай мэтай будзе, напрыклад, змена правілаў, якія рэгулююць экспарт зброі, “мішэнню” кампаніі трэба зрабіць чыноўніка, які валодае паўнамоцтвамі, неабходнымі для змены правілаў. 


“Мішэнню” дзеянняў у рамках вашай кампаніі павінен стаць канкрэтны чалавек, здольны значным чынам паўплываць на дасягненне мэтаў кампаніі (напрыклад, міністр, які нясе непасрэдную адказнасць за экспарт выпушчанай у краіне зброі у зоны канфліктаў). Абіраючы “мішэнь”, памятайце, што перавагу варта па магчымасці аддаваць вядомай у СМІ асобе, якая знаходзіцца на вяршыні рэальнай ці ўяўнай іерархіі ўлады.

Падчас планавання кампаніі важна ўлічваць, што вашая дзейнасць можа выклікаць рэакцыю вашых супраціўнікаў. Калі вы, напрыклад, збіраецеся праводзіць кампанію супраць тэставання касметыкі і бытавой хіміі на жывёлах, то вы, відавочна, выклічаце канфлікт з фірмамі, для якіх такія прадукты з’яўляюцца крыніцай прыбытку. 

Супраць вашых намаганняў таксама могуць выступіць, напрыклад, дэпутаты, якія знаходзяцца пад уплывам тых ці іншых лабістаў, або чыноўнікі, якія не хочуць ускладняць сабе жыццё незвычайным або супярэчным рашэннем або не хочуць уступаць у канфлікт з палітыкамі. 

Цягам усёй кампаніі вам трэба весці маніторынг дзеянняў супраціўнікаў і ў выпадку неабходнасці рэагаваць на іх. Аднак ніколі не дазваляйце ўцягнуць сябе ў лішнія спрэчкі, якія адцягваюць увагу ад запланаваных мерапрыемстваў і, перадусім, ад мэтаў вашай кампаніі. 

Не дазваляйце супраціўнікам вызначаць напрамак і хаду вашай кампаніі. Напрыклад, калі супраціўнікі вешаюць на вас негатыўныя “ярлыкі”, якія ўплываюць на ваш імідж, лепш засяродзіцца на тым, каб самім будаваць свой імідж, ствараць “свае” ярлыкі і правільна іх выкарыстоўваць.