Абярыце тактыку і сродкі дасягнення мэты

Тактыка – гэта канкрэтныя інструменты, якія вы можаце выкарыстоўваць у рамках прынятай стратэгіі дзеля дасягнення пастаўленай мэты. Сродкаў і тактык даволі шмат – мастацтва вядзення кампаній палягае менавіта ў правільна прадуманым камбінаванні такіх сродкаў.

У час правядзення кампаніі вы можаце выкарыстоўваць мноства сродкаў – важна выбраць найбольш прыдатныя:

• экспертны аналіз і даследаванні, 

• публікацыя экспертных даследаванняў,

• публікацыі, лекцыі, гутаркі, семінары і круглыя сталы ( >>> Кейсы),

• праца з СМІ,

• праца з новымі медыйнымі тэхналогіямі (сацыяльныя сеткі і г. д.) ( >>> Кейсы),

• мабілізацыя грамадскасці, 

• публічныя акцыі – дэманстрацыі, маршы, хэпенінгі, культурныя імпрэзы і г. д. ( >>> Кейсы),

• петыцыі,

• супраца з грамадскімі дзеячамі,

• фармаванне кааліцый,

• лабаванне,

• удзел у адміністрацыйным праводжанні,

• выстаўленне позваў,

• правядзенне спецыялізаваных семінараў і канферэнцый,

• стажыроўкі для пэўных мэтавых групаў за мяжой, то бок дэманстрацыя перадавых практык.


Выбіраючы пэўныя тактычныя сродкі, неабходна заўсёды ўлічваць некалькі рэчаў:

Ці адпавядаюць выбраныя сродкі мэтам?

Ці адпавядаюць выбраныя сродкі прынцыпам і іміджу арганізацыі? Напрыклад, ці можа арганізацыя, якая займаецца культурніцкімі праектамі і арганізацыяй экспертных семінараў, праводзіць крэатыўныя дэманстрацыі?

Наколькі эфектыўныя абраныя сродкі? Напрыклад, ці мае сэнс праводзіць такое энергаёмістае і затратнае мерапрыемства, як фестываль, або лепш зрабіць некалькі меншых акцый?

Наколькі эфектыўна выбраныя сродкі трапяць у “мішэнь” і ці падзейнічаюць яны на вашыя мэтавыя групы?

Як выбраныя сродкі паўплываюць на вашых саюзнікаў – адпудзяць іх або, наадварот, матывуюць да больш шчыльнай супрацы?