Улічыце, што загаловак прэс-рэлізу – бадай што самая важная яго частка: пасля таго, як вы напішаце свой рэліз, загаловак павінен апынуцца ў тэме электроннага ліста. І калі вы не зацікавіце ім журналіста, якія атрымлівае дзясяткі прэс-рэлізаў штодня, ваш ліст могуць выдаліць, не прачытаўшы. Дарэчы, не варта рабіць загаловак доўгім – пастарайцеся ўкласці навіну ў адзін сказ працягласцю 6–8 словаў.
Сам рэліз лепш за ўсё размяшчаць у “целе” ліста, а не ў далучаным файле, суправадзіўшы яго спасылкай на воблачны сэрвіс, дзе змяшчаецца дадатковая інфармацыя, калі яна ёсць – не перагружайце чужыя электронныя скрынкі буйнымі фотаздымкамі.
Найлепшы час для рассылкі прэс-рэлізу – раніца буднага дня. Не варта разлічваць на добрую рэакцыю на прэс-рэлізы, адпраўленыя ў пятніцу пасля абеду, у выходныя або рана раніцай у панядзелак – шмат якія рэдакцыі не працуюць на выходных, за якія ў пошту звальваецца зашмат інфармацыі. Дарэчы, будзе лепш, калі адрасаты не ўбачаць адзін аднаго – выкарыстоўвайце функцыю “схаваная копія”.
Калі ваш рэліз прысвечаны падзеі, не саромейцеся: за дзень да мерапрыемства нагадайце пра сябе і прадублюйце інфармацыю – або абнавіце яе, таму што шмат якія медыя сочаць за развіццём падзей.