Важна ўсведамляць, што вырашыць усе праблемы адразу немагчыма.
Вядома, нас атачае шмат нявырашаных пытанняў, але мы павінны грунтоўна выбіраць, над чым будзем працаваць, і факсаваць свае намаганні менавіта на гэтым. Асабліва важна зразумела фармуляваць праблемы для тых, хто працуе ў арганізацыі. Немагчыма прыцягнуць увагу грамадскасці, СМІ або палітыкаў да дзясятку праблемаў адначасова. Вызначце крытэры вашага выбару і карыстайцеся імі для адбору тэмаў.
Што можа стаць такой тэмай?
Напрыклад, праз кампанію вы можаце навучыць гараджанаў сартаваць смецце або знайсці рашэнне складанай сітуацыі з транспартам у вашым рэгіёне. Змяніць планы ўладаў па ўшчыльненні гарадской забудовы, палепшыць гарадскі асяродак для людзей з дадатковымі патрэбамі, змяніць энергетычную палітыку дзяржавы і г. д.
Для пачатку можна адказаць сабе на некалькі пытанняў:
Якую тэму вы абралі? Ці ляжыць гэтая тэма ў аснове работы вашай арганізацыі або ініцыятывы? Калі не, чаму для вас важная менавіта гэтая тэма?
Ці аднолькава разумеюць тэму ўсе ўдзельнікі вашай ініцыятывы або сябры арганізацыі? Калі не, ці не перашкодзіць гэта дасягнуць поспеху?
Ці будзе праца над тэмай карыснай для арганізацыі, ці наадварот, паставіць яе пад пагрозу?
Ці з’яўляецца тэма або праблема дастаткова сур’ёзнай? Ці думаеце вы, што яна важная не толькі для вас, але і для іншых? Чаму ў такім разе іншыя пакуль не браліся за яе вырашэнне?
Ці здолееце вы знайсці рэсурсы – напрыклад, грошы або валанцёраў – для працы з гэтай тэмай?
Ці лёгка растлумачыць праблему, якую вы хочаце вырашыць, чалавеку, які з ёй не знаёмы? Як вы будзеце гэта рабіць?
Калі вы хочаце правесці сапраўды добрую грамадзянскую кампанію, да адказаў на гэтыя пытанні варта дадаць яшчэ адну характарыстыку – навочнасць. Добрая кампанія павінна мець такую мэту і так рэагаваць на праблему, каб дэманстраваць адразу групу праблемаў.
Мы не хочам адраджваць вас ад вырашэння складаных і першапачаткова пройгрышных праблемаў – нават такім часам удаецца даць рады. Але рабіць гэта неабходна ўсвядомлена, ведаючы, на што вы ідзяце.