Як працава з журналістамі ў “падзейным рэжыме”

Арганізацыя падзеі – сустрэчы з жыхарамі, свята двара, экспертнага круглага стала ці прэсавай канферэнцыі – адзін з найлепшых спосабаў прыцягнуць увагу журналістаў да вашай кампаніі. Яшчэ цягам падрыхтоўкі мерапрыемства падумайце пра тое, якім спосабам вы паведаміце журналістам пра будучую падзею, якія менавіта выданні запросіце і ў які час удзеліце ім увагу.

Пры якаснай падрыхтоўцы за некалькі тыдняў да мерапрыемства – вядома, калі вы не вымушаныя правесці яго раптоўна, чаго лепш пазбягаць – у вас павінна быць гатовая інфармацыя пра падзею – і размешчаная ў вашых сацсетках.

За тыдзень да падзеі важна разаслаць інфармацыю для СМІ, суправадзіўшы яе прапановай паведаміць пра свой намер паўдзельнічаць у ёй. За 2–3 працоўныя дні да мерапрыемства можна адправіць паўторнае нагадванне або патэлефанаваць журналістам з пытаннем, ці збіраюцца яны да вас прыйсці.

У дзень мерапрыемства у вас павінен быць гатовы прэс-кіт: у яго павінна ўваходзіць невялікая даведачная інфармацыя пра вашую кампанію, гісторыя праблемы, якую вы вырашаеце, і даведка пра ўжо зробленыя крокі і дасягнутыя вынікі – падчас правядзення кампаніі важна хваліцца сваімі поспехамі. Калі мерапрыемства вялікае, а сярод яго ўдзельнікаў ёсць людзі, гатовыя даць каментары ў СМІ, пакіньце ў прэс-кіце старонку з іх кантактнай інфармацыяй і тэмамі, якія вашыя героі могуць асвятліць для журналістаў.

Акрамя таго, у прэс-кіце павінен змяшчацца пост-рэліз – яго па магчымасці варта зрабіць загадзя, напісаўшы ў мінулым часе яшчэ да падзеі. Калі гэта немагчыма, пост-рэліз варта зрабіць адразу пасля сканчэння мерапрыемства (а не наступнай раніцай) і адразу ж разаслаць яго ўсім выданням разам з усімі дакументамі з прэс-кіта – і тым, хто змог прыйсці на вашае мерапрыемства, і тым, хто не прыйшоў. Так вы зробіце амаль усё магчымае для таго, каб навіны пра вашую кампанію былі данесеныя да аўдыторыі без скажэнняў.