Дзе шукаць сваю мэтавую аўдыторыю?

Хутчэй за ўсё, на розных этапах грамадзянскай кампаніі вам давядзецца камунікаваць з журналістамі самых розных выданняў. Аднак перад тым, як абраць канкрэтнае медыя для сувязі з мэтавай аўдыторыяй, важна падрабязна вывучыць яе звычкі: што чытаюць прадстаўнікі вашай мэтавай групы? Або, можа, што яны глядзяць і слухаюць?

Бываюць сітуацыі, у якіх мэтазгодней ісці, напрыклад, у групы ў Facebook ці «Вконтакте», таму што гараджане абмяркоўваюць пытаніі верагоднай ўшчыльняльнай забудовы свайго раёна менавіта там, не разлічваючы на нацыянальныя СМІ. А магчыма, хтосьці з іх глядзіць відэа аднаго з папулярных у вашым горадзе youtube-блогераў – у такім выпадку вашай “медыйнай мішэнню” будзе менавіта ён, а не гарадская газета.

Калі пасля вывучэння прэферэнцыяў мэтавай аўдыторыі вы зразумелі, што на пэўным этапе кампаніі эфектыўней за ўсё было б звярнуцца ў газету ці на навінавы сайт, паспрабуйце даведацца, хто менавіта з журналістаў гэтых выданняў піша на тэмы, якія вас цікавяць, і знайдзіце іх кантакты.

На жаль, адрасныя звароты да журналістаў ці рэдактараў часта працуюць лепш, чым лісты на безыменныя рэдакцыйныя імэйлы. Але пошук асабістых кантактаў не павінен стаць вялікай складанасцю: большасць сайтаў і газет падпісваюць імены аўтараў артыкулаў, суправаджаючы іх кантактнай інфармацыяй. У адваротным выпадку выкарыстоўвайце сацсеткі: большасць журналістаў карыстаецца імі ў працоўных, а не прыватных мэтах.